АДЭ́СЫ АБАРО́НА 1941,

вялася войскамі Асобнай Прыморскай арміі (ген.-лейт. Г.П.Сафронаў, з 5 кастр. ген.-м. І.Я.Пятроў), сіламі Адэскай ваеннамарской базы (контр-адм. Г.В.Жукаў) і Чарнаморскага флоту (віцэ-адм. П.С.Акцябрскі) пры актыўным удзеле насельніцтва горада супраць войск 4-й рум. арміі (ген. Н.Чуперка) 5 жн. — 16 кастр. ў Вял. Айч вайну. З 5 жн. адрэзаная ад гал. сіл Паўд. фронту Асобная Прыморская армія (2 стралк. і кав. дывізіі) стрымлівала націск 5 пях., 2 кав. дывізій і матарызаванай брыгады 4-й рум. арміі на подступах да Адэсы. 13 жн. вораг выйшаў да ўзбярэжжа і поўнасцю блакіраваў горад з сушы. 19 жн. створаны Адэскі абарончы раён (узначаліў контр-адм. Жукаў), які меў 4 дывізіі супраць 14 (у вер. 17) дывізій і 2 брыгад праціўніка. З 20 жн. вяліся актыўныя баявыя дзеянні на апорных рубяжах шматпалоснай абарончай сістэмы, створанай насельніцтвам горада і войскамі, якія падтрымліваліся артыл. агнём караблёў Чарнаморскага флоту, 8 берагавых батарэй і авіяцыяй. 22 вер. 2 рум. дывізіі былі разбіты і праціўнік адкінуты на 5—8 км. 30 вер. ў сувязі з пагрозай прарыву ням. войскаў у Крым была арганізавана эвакуацыя войск Адэскага р-на на Крымскі п-аў. Адэсы абарона 1941 скавала 18 дывізій праціўніка, было выведзена са строю 20 самалётаў і каля 100 танкаў.

т. 1, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)